У рамках асветніцкай кампаніі па прафілактыцы сезонных захворванняў У Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце адбылася сустрэча студэнтаў і работнікаў з загадчыцай супрацьэпідэмічнага аддзялення аддзела эпідэміялогіі дзяржаўнай установы «Брэсцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» Ірынай Юр'еўнай Клімук.
Галоўнай тэмай абмеркавання стала вакцынацыя супраць грыпу — актуальная і жыццёва важная мера ў перыяд асенне-зімовага ўздыму захворвання.
«Калі вакцынуецца большасць, вірусу становіцца складаней распаўсюджвацца. Гэта асабліва важна для абароны пажылых людзей, дзяцей і тых, хто па медыцынскіх паказаннях не можа прышчапіцца», — адзначыла ўрач.
Па словах эпідэміёлага, штогадовая вакцынацыя дапамагае арганізму падрыхтавацца да сустрэчы з актуальнымі штамамі віруса. Лекар патлумачыла, што Сусветная Арганізацыя Аховы здароўя кожны год абнаўляе рэкамендацыі па складзе вакцын, каб яны адпавядалі найбольш верагодным варыянтам віруса. Лекар патлумачыла, як фармуецца імунітэт, чаму вірус грыпу пастаянна змяняецца і як гэта ўплывае на склад вакцын.
Асаблівая ўвага была нададзена міфам: «Вакцына выклікае хваробу», «Лепш перахварэць, чым прышчапляцца» — усе гэтыя сцвярджэнні былі разабраны і абвергнутыя.
